Вельмі багаты культурна-гістарычны і прыродны патэнцыял нашай шаркаўшчынскай зямлі. На адносна невялікай плошчы 1,1 тыс. кв. км., якую займае наш раён, схаваныя каштоўныя рэсурсы для развіцця тут разнастайнай турыстычнай дзейнасці.
Славіцца наша мясцовасць разгалінаванай гідралагічнай сістэмай. У раёне маюцца дзясяткі заказнікаў мясцовага і рэспубліканскага значэння. Вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць уяўляюць сабой старажытныя культавыя пабудовы, сядзібна-паркавыя комплексы, геамарфалагічныя (горы, даліны) і геалагічныя помнікі. Да апошніх адносяцца камні-валуны ледніковага паходжання. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны выязны семінар работнікаў клубных устаноў раёна, які прайшоў на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета.
Праводзілі практычнае мерапрыемства дырэктар раённага Цэнтра культуры Аксана Сініца і метадыст па фальклору Алёна Сухаверская. Мэтай семінара стала паглыбленае вывучэнне малавядомых культавых аб’ектаў і геалагічных помнікаў з наступным стварэннем турыстычнага маршрута на іх.
Не кожны ведае пра вёску Клінавое, размешчаную ў двух кіламетрах на поўнач ад Верацей. Тут на мясцовых могілках у даўнія часы пабудаваная праваслаўная капліца. На ўваходзе ў яе з абодвух бакоў стаяць два камяні: у адным з іх маецца вялікае круглае паглыбленне, у другім — меншае і, што самае незвычайнае — паглыбленне ў форме дзіцячай ступні. Па словах мясцовай жыхаркі Ірыны Лук’янаўны Крыўко, адтуліны ў камянях — гэта адбіткі галавы, калена і ступні маленькага Ісуса Хрыста. Можа гэта і легенда, але дагэтуль невядома, як на звычайных камянях маглі ўзнікнуць падобныя паглыбленні. З даўніх часоў да капліцы прыходзілі паломнікі з самых аддаленых мясцін Беларусі, каб убачыць незвычайны цуд, дакрануцца да гаючай вады, якая ўвесь час знаходзіцца ў трох каменных адтулінах і не высыхае нават у спякотнае надвор’е.
Не менш цікавым аказаўся і наступны прыпынак удзельнікаў семінара — капліца на могілках у Верацеях. У намоленай веруючымі пабудове захоўваецца невялікая частка дрэва, на якой адлюстраваны вобраз святога Мікалая Цудатворцы. Выява стала бачнай, калі аднойчы тутэйшыя жыхары пілавалі на дровы бярвенні і на адным з іх заўважылі абрыс чалавечага твару. Вырашана было захаваць кавалак дрэва ў капліцы для пакланення веруючых. Аб гэтым расказала мастацкі кіраўнік Верацееўскага Цэнтра культуры і адпачынку Кацярына Кезік.
За аграгарадком Лужкі мясцовымі праваслаўнымі веруючымі ўшаноўваецца месца, дзе сярод поля растуць ліпы. Калісьці тут, пад вялізным разгалістым дрэвам, ад якога ў наш час засталіся толькі спарахнелыя рэшткі, стаяла капліца для путнікаў, што крочылі пешшу па бальшаку ў Дзісну і Глыбокае. Па іншай версіі, якую мы пачулі ад загадчыка Дворнаўскага СДК Антаніны Рудак, у тутэйшых жыхароў дрэва ліпа ўшаноўвалася як сімвал пладароднасці і багатага ўраджаю. Тым больш, што суседняя вёска мае назву Падліпка. Некалькі дзесяцігоддзяў назад падчас пажару капліца згарэла. Але людзі на вырасшых маладых ліпах устанавілі крыж і некалькі абразоў, каб кожны жадаючы мог пакланіцца святому месцу і адпачыць у цені ліповых галін.
На палетках і лугах у Лужкаўскім сельсавеце вельмі многа вялізных камянёў — валуноў, прынесеных да нас прыкладна 20-15 тыс. год таму назад са Скандынавіі. Адзін з іх, Вялікі камень Дубоўскі, наведалі культработнікі. Знаходзіцца ён на ускрайку поля каля вёскі Дубоўка. Дзесяць год назад валун быў асвечаны ксяндзом, побач усталяваны крыж для пакланення веруючых.
Жыхарка вёскі Малыя Грыдзюшкі Соф’я Юльянаўна Прахаронак паведаміла многа цікавых звестак пра Шалёны камень Грыдзюшкаўскі. Па легендзе ён вылечваў мясцовых жыхароў ад цяжкіх хвароб, прыдаваў фізічную сілу чалавечаму арганізму. Пра гэты валун у сваім дзённіку пісаў Язэп Драздовіч. Камень даследвалі навукоўцы з Мінска, бралі яго частку для правядзення хімічных аналізаў.
Канечным пунктам у маршруце ўдзельнікаў выязнога семінара стала вёска Барсукі. На ўскрайку невялікага населенага пункта зімой і ўлетку б’е з-пад зямлі крынічная вада — чыстая і гаючая. Намаганнямі жыхароў гэтае месца ў свой час было добраўпарадкавана і асвечана. Сын знакамітага беларускага мастака Алеся Марачкіна — Ігар — падрабязна расказаў аб карысных уласцівасцях крынічнай вады, засяродзіў увагу кожнага на зберажэнні нашай агульнай прыроднай спадчыны.
У рабоце выязнога семінара прыняла ўдзел і падвяла вынікі мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома. Яна падкрэсліла, што прыродныя і культурна-гістарычныя аб’екты нашай мясцовасці павінны ў будучым стаць месцамі для развіцця турыстычнай галіны раёна і больш шырокай папулярызацыі нацыянальнай культуры.