Quantcast
Channel: Весткі.info - Шаркаўшчына
Viewing all articles
Browse latest Browse all 466

Зоркаўскія школьнікі ў час летніх канікул здзейснілі веласіпедную “кругасветку” вакол Ельні

$
0
0

На старонках нашай газеты нядаўна быў апублікаваны расказ пра веландроўку зоркаўскіх школьнікаў у Дзісну. Але яны не спыніліся на гэтым і сёлета на чале з Віктарам Сцяпанавічам Морхатам і Сямёнам Вітальевічам Фаміным здзейснілі яшчэ адзін велапаход. А цяпер дзяляцца сваімі ўражаннямі і тым, што даведаліся падчас вандроўкі.

Вандроўка — гэта цікавы ўрок

У школах на ўроках гісторыі вучні знаёмяцца з асноўнымі падзеямі з жыцця нашай краіны. У многіх узнікае пытанне, як яны адбіліся на гісторыі роднай вёскі ці горада, жыцці іх продкаў, родных і блізкіх. Адказ на гэтае пытанне дае гістарычнае краязнаўства, якое дазваляе прасачыць, як падзеі сусветнай і айчыннай гісторыі паўплывалі на лёсы землякоў і блізкіх вучням людзей. Такое спалучэнне глабальнай і лакальнай гісторыі дазваляе канкрэтызаваць вывучаемыя ў школе заканамернасці грамадскага развіцця фактамі, блізкімі і зразумелымі школьнікам, забяспечыць трывалае засваенне тэарэтычных ведаў у канкрэтна-вобразнай форме.

Знаёмству з побытам, гісторыяй і культурай Дзісеншчыны быў прысвечаны наш другі за гэтае лета веласіпедны турыстычны паход. Яго ўдзельнікамі сталі вучні 8 – 10 класаў Зоркаўскай школы, удзельнікі лагера працы і адпачынку “Юнацтва”. Некаторыя з іх былі ўдзельнікамі і ранейшага дзісенскага пахода. Арганізатарамі і кіраўнікамі пахода былі Віктар Сцяпанавіч Морхат і Сямён Вітальевіч Фамін.

Шлях далёкі…

Паход быў двухдзённы, працягласцю каля 120 кіламетраў. Маршрут мы спланавалі “па кругу”: з Зоркі выправіліся на ўсход, у Зорку вярталіся з захаду. На паўночным усходзе Дзісеншчыны знаходзіцца адметнае месца – балотны масіў Ельня, дзе створаны гідралагічны заказнік (з 2007 года мае статус рэспубліканскага ландшафтнага заказніка). На многіх геаграфічных картах балотны масіў Ельня мае паметку – “найбуйнейшы ў Еўропе”. Яго плошча – больш за 20 тысяч гектараў. Вось вакол яго і здзейснілі мы 23-24 ліпеня сваю “кругасветку”: Зорка – Шарагі – Міёры – Новы Пагост – Стары Пагост – Германавічы – Зорка з мэтай знаёмства з адметнымі мясцінамі нашай “малой радзімы” ў рамках праекта Зоркаўскай школы “Дзісеншчына: побыт, гісторыя, людзі”. У час паходу мы пазнаёміліся з цэнтрам суседняга раёна — горадам Міёры і архітэктурнымі помнікамі культавага характару Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Шлях далёкі, таму і рыштунку турыстычнага ў нас было больш, чым у мінулым дзісенскім велапаходзе. Дзень, калі мы выпраўляліся ў шлях, быў цёплы, нават спякотны. Праз некалькі гадзін шляху па знаёмай дарозе мы выехалі на ажыўленую трасу Полацк – Браслаў. Вось і першы працяглы адпачынак у дзіўным месцы “Дубы”, дзе ёсць “залаты ланцуг на зялёным дубе”…

6

У Міёрах (ці ўсё ж такі Мёрах?)

У пачатку пятай гадзіны мы ў Міёрах. Гэта невялікі маляўнічы гарадок у 190 км на паўночны захад ад Віцебска, размешчаны на беразе аднайменнага возера. Па ўдакладненых звестках гарадку 500 гадоў: у 1514 годзе Міёры ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах як маёнтак у Браслаўскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, а з 1567 года – як мястэчка, уладанне Р. Мірскага. Дарэчы, мясцовая і гістарычная назва паселішча – Мёры. А цяперашняя “афіцыйная” Міёры (Миоры), верагодна, замацавалася з далучэннем тэрыторыі да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. Назва Мёры графічна перадавалася лацінкай на польскай мове як Miorу. Аднак у рускай арфаграфіі да сярэдзіны 19 ст. літара “ё” амаль не ўжывалася і замест яе выкарыстоўвалася спалучэнне “іо”. Так і атрымалася ў расійскіх дакументах Миоры (Міёры). Пазней дома мы зацікавіліся паходжаннем назвы, пагарталі даведнікі. Існуюць розныя розныя версіі. Адна з іх, што калісьці быў мор, людзі ў гэтай мясцовасці мёрлі ад хваробы. Згодна з другой, два розныя народы жылі побач, варагавалі, потым прымірыліся, размежаваліся, змерыўшы свае ўладанні. А найбольш прымальнае навуковае тлумачэнне назвы можа быць такое. Калісьці яшчэ да балтаў і славян гэтую тэрыторыю займалі фіна-ўгорскія плямёны, іх гідронім (геаграфічная назва, звязаная з вадой) мае значэнне “забалочаная мясцовасць”.

Рупліўца роднай гісторыі

6

Ля Міёрскай СШ №3 нас сустрэў Вітольд Антонавіч Ермалёнак, настаўнік і краязнавец, стваральнік і гаспадар двух музеяў.

Вітольд Антонавіч Ермалёнак нарадзіўся на Браслаўшчыне ў 1954 годзе. Скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Працуе настаўнікам гісторыі Міёрскай СШ №3, з’яўляецца кіраўнікам археолага-краязнаўчага клуба “Арганаўты мінулага”. У сваёй шматгадовай дзейнасці клуб кіруецца дэвізам: “Шукаць і знаходзіць, знайсці і захаваць”. Вітольд Антонавіч – удзельнік навуковых канферэнцый, аўтар звыш 350 публікацый у друку, адзін з аўтараў кніг “Памяць” – гісторыка-дакументальных хронік Міёрскага і Браслаўскага раёнаў, зборнікаў “Браслаўскія чытанні”. Яго імя ёсць у 6-томнай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. В.А. Ермалёнак – выдатнік асветы, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” 1999 г., чалавек года Віцебшчыны 2010 г.

Два музеі

6

Кожны з нас хоць калісьць задумваўся пра тое, у якіх умовах жылі нашы продкі. Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, не абавязкова вывучаць спецыяльную літаратуру. Яго можна атрымаць, наведаўшы музей, створаны ў Міёрах Вітольдам Ермалёнкам і членамі яго клуба “Арганаўты мінулага”. На працягу многіх гадоў яны праводзілі па даручэнні Інстытута гісторыі АН Беларусі курганныя раскопкі ў Прыдзвінні. Шукалі і знаходзілі каштоўныя рэшткі мінулага глыбока ў зямлі і на яе паверхні, на гарышчах хат і ў старых скляпеннях. Знаходзілі, каб захаваць. А знойдзенае і захаванае імі цяпер стала нашым агульным гістарычна-культурным здабыткам.

А на трыццаць трэцім годзе сваёй даследчай працы Вітольд Антонавіч стварыў другі свой музей – Музей Кнігі. Кнігі ён збірае, колькі сябе памятае. Памеры памяшкання дазволілі яму выставіць толькі паўтары тысячы экспанатаў, сярод якіх нямала не проста ўнікальных, а ў адзіным экзэмпляры захаваных першадрукаў і рукапісаў. “Часоўнік друкаваны”, напрыклад, датуецца 1640 годам. А ўзрост адной з рукапісных кніг больш за 250 гадоў.

6

Успенскі сабор

6

Галоўнай каштоўнасцю сённяшніх Міёраў з’яўляецца Успенскі сабор, помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Пабудаваны гэты каталіцкі храм у 1907 годзе клопатам і энтузіязмам ксяндза Іосіфа Бародзіча. У часы Расійскай імперыі, калі на нашых землях ўкаранялася ідэалогія “праваслаўя і самадзяржаўя”, Бародзіч пераследваўся царскімі ўладамі, “заслужыў” нават судовы прыгавор да зняволення ў Дынабургскай крэпасці. А пры польскай уладзе ён трапіў пад абвінавачванне ў шпіянажы на карысць бальшавіцкай Расіі. Жыхары Міёршчыны сабралі ў яго абарону больш за 5 тысяч подпісаў.

Падчас савецкага ваяўнічага атэізму касцёл закрылі і выкарыстоўвалі пад гаспадарчы склад. Але ўжо ў часы “хрушчоўскай адлігі”, ў 1956 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Яна Грабоўскага, былога вязня сталінскіх лагераў, касцёл аднавіў сваю дзейнасць.

У 1985 г. пробашчам ва Успенскім саборы стаў Уладзіслаў Пятрайціс. Гэты ксёндз стаў адным з першых, хто пасля распаду СССР стаў маліцца і прапаведаваць па-беларуску. Ксёндз Уладзіслаў усталяваў ля касцёла Помнік ненароджанаму дзіцяці – заклік-перасцярогу супраць абортаў, зламыснага ўмяшання чалавека ў боскую справу жыцця.

Адпачынак на возеры Орцы

Далей, згодна з нашым паходным планам, былі абавязковыя турыстычныя мерапрыемствы: “Ноч ля возера” і на наступны дзень з раніцы да паўдня – “Адпачынак на возеры”. Месца дзеяння – возера Орцы, якое размешчана на поўнач ад Міёр. Ці трэба казаць, што яны прайшлі “на ўра”.

6

У Новым Пагосце

Далейшы наш шлях пралягаў праз мястэчка Новы Пагост. У сучасных тлумачальных слоўніках за словам “пагост” замацавана толькі адно значэнне — могільнік. А калі заглянем у слоўнікі гістарычныя, то даведаемся іншыя значэнні слова і раскрыем этымалогію назвы вёсак Новы Пагост, Стары Пагост. Наогул, Пагостаў у Беларусі набярэцца з дзясятак.

Пагост – распаўсюджаны ў старажытнарускіх крыніцах тэрмін, які на працягу 10 – 18 ст.ст. меў рознае значэнне. Першапачаткова пагостамі называлі сельскія абшчыны на перыфірыі Старажытнай Русі, а таксама цэнтры гэтых абшчын, дзе вялася “гасцьба” (гандаль). Яны станавіліся і цэнтрамі збору дзяржаўнай даніны. З распаўсюджаннем на Русі хрысціянства ў пагостах будавалі цэрквы, пры якіх знаходзіліся могілкі. У 19 – 20 стст. пагостамі называлі ўжо толькі праваслаўныя могілкі з царквой.

Наш Новы Пагост у пісьмовых крыніцах вядомы з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. Зараз адметны ён двума архітэктурнымі помнікамі. Мікалаеўская царква ў цэнтры мястэчка пабудавана ў 1878 – 1879 гг. з бутавага каменю і цэглы. Гэта помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Гісторыя Троіцкага касцёла ўбірае ўсе перыпетыі гістарычных абставін, характэрных як для нашага рэгіёна, так і для ўсёй Беларусі на працягу 16 – 20 стст.

Усе дарогі вядуць дадому

Едучы ад Новага Пагоста да Германавіч, мы зрабілі наступную выснову: дарога асфальтаваная для веласепідыста — добрая дарога, дарога неасфальтаваная – нядобрая. Але ж мы турысты загартааваныя, і таму пераадолелі і задужа буйны ці задужа дробны пясочак, і бясконцую дрыготку грунтовай дарогі.

Як і планавалі, каля 9 гадзін вечара былі мы ў роднай Зорцы. Паход гэтага лета закончыўся. У будучым нас, вядома, чакаюць новыя паходы, новыя знаёмствы і адкрыцці.

Крыніца: 
Андрэй Бурэц, "Кліч Радзімы"
http://www.klich.by/?p=17812

Viewing all articles
Browse latest Browse all 466

Trending Articles