Напрыканцы года Весткі традыцыйна падводзяць вынікі года. Што значнага адбылося ў 2014 у Віленшчыне, Вільні і Паазер’і?
Падзея года
Што б не адбывалася ў нашым краі, ніхто – ні простыя грамадзяне, ні ўлады, ні грамадскія актывісты – не маглі ігнараваць падзеі на Ўкраіне. Крах рэжыма Януковіча, анексія Крыма і вайна ў Данбасе – вось галоўныя падзеі, якія мелі непасрэдны ўплыў на эканоміку і палітыку ў Беларусі, а гэта значыць на жыццё кожнага з нас. Падзенне беларускага рубля, замена міністраў і кіраўнікоў аблвыканкамаў, уцекачы з Украіны, каторыя з’явіліся ў нашым краі – усё гэта наступствы той няпростай сітуацыі, якая склалася напоўдзень ад нашай краіны.
У 2014 годзе украінцы зрынулі аўтарытарны рэжым Віктара Януковіча. Гэтым чалавекам наш край мог бы ганарыцца, можна было б яго лічыць ледзьве не нашым земляком. Як ніяк дзядуля Януковіча паходзіць з вёскі Янукі Докшыцкага раёна. Але Януковіч зганьбіў сваё імя. Яшчэ да пачатку сваёй палітычнай кар'еры, Януковіч быў двойчы асуджаны, сядзеў. З чаго і атрымаў мянушку “зэк”. Прыйшоўшы да ўлады, ён кіраваў па паняццях не дэмакратычна абранага, а хутчэй крымінальнага лідара. Карупцыя стала асабліва відавочнай, калі Януковіч збудаваў сабе прыватную рэзідэнцыю Міжгор'е на 140 гектараў. Толькі будматэрыялы для яе каштавалі 9,5 мільёна даляраў.
Усё гэта выклікала хвалю абурэння сярод простых украінцаў, заробкі каторых ніжэйшыя, чым у Беларусі. На Майдане гучалі лозунгі “Зэка – прэч” і “Банду – прэч”. Як на пратэсты адказаў Януковіч? Кулямі па натоўпу. Мы не даведаемся хто непасрэдна аддаў загад страляць. Але віна прэзідэнта бясспрэчная. Было б у яго хоць пяшчынка годнасці, ён адразу падаў бы ў адстаку. Замест гэтага ён уцёк з краіны ў Расію. За такі крок яго папікнуў нават Лукашэнка.
Сярод першых ахвяраў рыжыму Януковіча быў і беларус Міхаіл Жызнеўскі. 25-гадовы хлапчук загінуў у апошнія дні Майдану ад кулі невядомага снайпера. Ён не дажыў усяго тры дні да 26-га дня нараджэння. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў Жызнеўскага пасмяротна ордэнам Героя Нябеснай сотні. А ў Кіеве з’явіўся помнік беларусу. Незалежная газета “Наша Ніва” прызнала Міхаіла героем года.
Не паспела Україна перадыхнуць пасля крывавага Майдана, як Расія, скарыстаўшыся сітуацыяй, акупавала Крым, а таксама распачала кампанію па дэстабілізацыі Данбаса, каторая цягнецца дагэтуль. За грубыя парушэнні міжнароднага права Захад увёў супраць Расіі эканамічныя санкцыі, у выніку каторых, а таксама з-за падзення коштаў на нафту, абваліўся курс расійскага рубля. А гэта моцна ўдарыла і па нашай эканоміцы. Лукашэнка неаднаразова казаў, што дэвальвацыі ў Беларусі не будзе. А як тады назваць тое, што цяпер адбываецца з курсам беларускага рубля? Вось вам і эфект падзеяў вакол Украіны. І гэты эфект адчулі ўсе жыхары нашай краіны.
Юбілеі года
Цяпер сфакусуемся на Віленшчыне. 2014 год быў годам юбілеяў. 600-годдзе адзначыла Глыбокае, Мёры і Мосар – 500-годдзе, стогадовы юбілей біскупа Чэслава Сіповіча адзначылі ў Друі (дарэчы, падчас святкавання ўпершыню ў гісторыі Нунцый Апостальскай Сталіцы прамаўляў у Беларусі па-беларуску).
Значны юбілей для нашага краю - 20-годдзе газеты “Вольнае Глыбокае”. Газета выжыла, вытрымаўшы і ціск уладаў, і канкурэнцыю як дзяржаўнай раёнкі, так і незалежных пачынанняў, якія ўжо сышлі ў мінулае, такіх як “Паўночна-заходні Край” і “Прэфект-Інфо”. “Вольнае Глыбокае” застаецца наплыву. Газета стала фактычна ўжо сімвалам горада. І ўсё гэта дзякуючы нязменнаму рэдактару, краязнаўцу Уладзіміру Скрабатуну – чалавеку, які зрабіў для Глыбокага больш, чым многія з тых, хто вісіць на дошцы гонару разам узятыя.
Медыйная падзея года
Рэлігійнае і медыйнае жыццё ў рэгіёне ўзбагацілася вяртаннем у Глыбокае ксяндза Віктара Місевіча. Дзякуючы яму, у Глыбокім выдаецца газета нацыянальнага маштабу - “Каталіцкі Веснік”, ствараецца сайт газеты, а таксама ў Глыбокім адкрылася першая ў Беларусі каталіцкая інтэрнэт-крама. Лічым за гонар, што ксёндз Віктар у свой час спрычыніўся і да нашага сайта.
Страты года
Заўчасная смерць нашага калегі, журналіста Вестак, аўтара многіх фільмаў пра Глыбокае Яўгена Самсонава стала для ўсіх нас шокам. Мы дагэтуль не можам даць веры, што яго ўжо няма з намі. Яўген пакінуў пасля сябе плеяду фільмаў пра Глыбоччыну. Некаторыя з іх былі знятыя яшчэ ў 2014 годзе.
Вялікай стратай для Беларусі стала смерць класіка беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна. Наш славуты зямляк пайшоў у лепшы свет на 79 годзе жыцця. Дзядзьку Рыгора пахавалі ва Ўшачы побач з маці.
У Паставах 3 снежня адыйшоў у лепшы свет Яўген Сідаровіч, беларускі патрыёт, вязень ГУЛАГу. Яму было 86 гадоў.
Год 2014 пачынаўся з закрыцця газеты “Прэфект-Інфо”, якую ў 2009 годзе распачаў грамадскі актывіст Яраслаў Берніковіч. На офісе гэтага выдання адбываліся многія цікавыя імпрэзы, гэта было месцам для сустрэчаў актыўных глыбачан. Пасля закрыцця газеты Берніковіч пераехаў ў Мінск.
Найважнейшае ў эканоміцы
Сярод вынікаў года ў эканоміцы варта адзначыць ліквідацыю Лынтупскага спіртзавода, што за сабой панясе поўны заняпад мястэчка, паколькі гэта было адзінае і апошняе прадпрыемства, якое функцыянавала ў мястэчку. Застаўся толькі былы саўгас, а зараз ОАО "Блакітныя азёры", якое знаходзіцца ў катастрафічным стане.
Цягам года найбольшыя інвестыцыі ў рэгіён прыходзілі праз будаўніцтва Астравецкай АЭС. На будаўніцтва атамнай электрастанцыі у гэтым годзе было асвоена $ 470 млн расійскага крэдыту. Некаторыя эксперты задаюцца пытаннем, ці не зменшыцца тэмп будаўніцтва ў наступным годзе ў сувязі з эканамічнымі праблемамі, як у Расіі, так і ў самой Беларусі.
Культурныя падзеі года
Аўтары Вестак Зміцер Лупач і Леанід Юрык знялі фільм пра карную аперацыю 1942 года. Лічым важнай справай, што ў нашым рэгіёне новыя творчая суполка з'явілася і пачала працаваць на высокім узроўні.
У сутарэннях палаца Тызенгаўза ў Паставах адчыніўся музей, прысвечаны гэтаму слыннаму роду. Адкрыццё стала магчыма, дзякуючы супольнаму праекту, што рэалізуецца Пастаўскім і Рокішкскім раёнамі у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага звязу.
Музычнай сталіцай рэгіёна ў 2014 годзе бясспрэчна быў Браслаў. Летам там прайшоў буйны фэст “Жывое неба Браслава”. Браслаў, Полацк, Менск, Паставы, Горадня, Берасце, Магілёў, Наваполацк – вось геаграфія гуртоў, якія ўзялі ўдзел у імпрэзе. Фэст стаўся адною з нешматлікіх прыватных ініцыятываў рок-руху Беларусі.
Адзначыліся таксама Лынтупы. "Восеньскі фэст"у Лынтупах – першае местачковае свята, зладжанае грамадзянскай супольнасцю.
Найважнейшае ў беларускай грамадзе Вільні
2014 год адзначыўся сканадаламі. У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ўзнік сур’ёзны канфлікт паміж адміністрацыяй і выкладчыкамі. Значная частка выкладчыкаў былі нязгодныя з рэформамі, якія адбываліся ў беларускім універсітэце ў выгнанні. Скандальна не быў працягнуты кантракт са старшынём Сенату ЕГУ Паўлам Церашковічам. Частка апазіцыйных выкладчыкаў вырашылі не ўдзельнічаць у адкрытым конкурсе на замяшчэнне выкладчыцкіх пасадаў і больш не працуюць у ЕГУ. Таксама ў гэтым годзе з пасады рэктара сыйшоў заснавальнік ЕГУ Анатоль Міхайлаў. Ці будзе новым рэктарам беларус? Даведаемся ўжо ў 2015-м.
Сур’ёзны канфлікт таксама адбыўся ў Таварыстве беларускай культуры. Арганізацыя пазбавілася дамкоў у цэнтральнай частцы Вільні праз спрэчны пераезд у 2004-м годзе. Былы старшыня ТБК Хведар Нюнька прапанаваў пакінуць арэндаваныя памяшканні, якія нібыта знаходзіліся ў аварыйным стане, і перааехаць на непрэстыжную вуліцу Бролю. Аднак, як сцвярджаюць сябры арганізацыі, высветлілася, што дамкі не былі арэндаваныя, а з'яўляліся прыватнаю маёмасцю арганізацыі, якую спадар Хведар прадаў у таямніцы ад чальцоў і прысвоіў сродкі. Крымінальная справа заведзена адразу па трох артыкулах: махлярства, прысваенне і разбазарванне даверанай маёмасці. 29 верасня сябры таварыства прынялі рашэнне аб прыпыненні паўнамоцтваў Хведара Нюнькі, а часова выконваючым абавязкі старшыні прызначылі Васіля Акуневіча. У сярэдзіне студзеня адбудзецца агульны сход, на якім абяруць новую раду і далейшы накірунак дзейнасці ТБК.