Мінула 10 гадоў з часу правядзеньня шырокай агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”, якая мела на мэце павелічэньне ролі і аўтарытэту грамадзкай дзейнасьці ў Беларусі. Маючы пераважна сацыяльны ўхіл, гэтая кампанія ў свой час спарадзіла вялікую колькасьць лякальных ініцыятываў, аб’яднала НДА з розных гарадоў і розных сфэраў дзейнасьці дзеля вырашэньня праблемаў грамадзтва.
На VII Кангрэсе Асамблеі ўлетку 2012 году многія грамадзкія актывісты і лідэры адзначалі неабходнасьць аднаўленьня такога кшталту дзейнасьці ў нацыянальным маштабе.
Менавіта таму сёлета Асамблея НДА заклікае няўрадавыя арганізацыі Беларусі далучацца да новай хвалі супольных дзеяньняў пад лёзунгам “Зробім лепш!”.
Дамінуючая тэма кампаніі, як і ў 2002 годзе, сацыяльная, але гэта не азначае, што нельга праводзіць акцыі адукацыйнага, экалягічнага ці культурніцкага кірунку. Сацыяльнае трэба разумець, як арыентаванае на запатрабаваньне грамадзтва. Пры нацыянальным характары кампаніі кожная акцыя мусіць вырашаць праблемы канкрэтнай лякальнай супольнасьці, далучаць да гэтага працэсу грамадзянаў, выходзіць на новыя мэтавыя групы.
Усе ініцыятывы ў межах кампаніі будуць аб’яднаныя агульным мэсэджам, лягатыпам і ідэяй.
Прыклады пасьпяховых акцыяў кампаніі мінулых гадоў глядзіце па спасылцы: http://belngo.info/zrobim-lepsh/pryklady
Калі вы маеце ідэі адносна новай кампаніі, то зьвяртайцеся на эл.адрас: ngo@belngo.infoз пазнакай у тэме “Зробім лепш”.