Існуе амаль біблейскае паданне аб тысячах рыцараў, якія з усім народам, пакінулі поўнач Нямеччыны і свой горад Старгарад (Ольдэнбург) ды прыйшлі ў наш край, заснавалі Навагарадак, які стаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
Год таму ў рэдакцыю нашай газеты завітаў падаць прыватную абвестку адзін наш сталы чытач, глыбачанін. Аднак працэс падачы абвесткі, нечакана, перайшоў да дыскусіі па беларускай гісторыі. Высветлілася, што гэты спадар – мае прозвішча Малькевіч. І, як сталася, вельмі дасведчаны ў гэтай тэме чалавек! Знайшоў праз інтэрнэт сваіх аднафамільцаў у Польшчы і Беларусі, нават зазначыў – і горад такі ёсць Мальквіц (гл. табліцу).
Даследчыкі даўно звярнулі ўвагу на паўтараемасць назваў паселішчаў Мекленбургіі (рэгіён на поўначы Германіі) і Беларусі. Гэта наводзіць на высновы, што было масавае перасяленне народу з тэрыторыі Мекленбургіі на тэрыторыю Беларусі, гэтыя новыя насельнікі і прынеслі з сабой назовы сваіх некалі родных гарадоў і вёсак.
Якія былі прычыны, што змусілі тысячы людзей перасяліцца з поўначы Нямеччыны на тэрыторыю сучаснай Беларусі? Даследчыкі асноўнай прычынай лічаць наступ германцаў на тэрыторыю, заселеную славянамі. Наступ германцаў рабіўся штораз мацнейшым. Форс-мажор!
Як паведамляў нямецкі храніст Гельмольд, першымі мусілі шукаць сабе новы прыстанак тыя плямёны, што жылі найбліжэй да саксаў і на чыю зямлю найперш спакусіліся захопнікі. Горкі лёс выгнаннікаў напаткаў, верагодна, смалінцаў (смальнянаў), якія жылі на правым беразе ракі Лабы і вядомыя як Smeldingiens франкскіх хронік, прыкладам, пад 809 г. Смалінцы, верагодна, перасяліліся ў край па-над Бугам і Наравам, дзе і знаходзім паселішчы Smoleńszczyzna, Smolnik, Smolniki, Smolino, Smolany, Zardany Smoliany, a таксама i далей на ўсход. Прыкладам, на Беларусі ёсць паселішчы Смаленікі (у Ляхавіцкім р-не], Смаляны [у Пружанскім ды Аршанскім раёнах], Смалічы (у Капыльскім р-не), гарады Смалявічы, Смаленск, а таксама горад Смалінінкай у цяперашняй Літве.
Пазней шляхам смалінцаў рушылі шматлікія роды суседніх славянскіх княстваў. У нашай краіне заснавалі свае паселішчы абадрыты, бабране, брэжане, бытаньцы, вялеты, гліняне, дрэвяне, люцічы, марачане, ніжане, рачане, стадаране, хіжане. На карысць такога меркавання сведчаць этнатапонімы: Аброва, Бабровічы, Бабры, Беразцы, Беражно, Быцень, Веляцін, Вялешына. Гліняны, Глінь, Дзераўная, Дзераўцы, Лютавічы, Лютыя, Морач, Нізаўцы, Нізяны, Рачканы, Старыя Дарогі, Хізаў, Хізы.
I на новым месцы шмат каго з навасельцаў, пераважна родавых старэйшынаў, ваяводаў клікалі паводле назоваў іх былых родных паселішчаў. Такія мянушкі пазней сталі прозвішчамі. Для некаторых выяўленыя адпаведнікі ў тапаніміцы Мекленбургіі.
Шматлікія перасяленцы прыйшлі на Беларусь! Як гэта адбілася на нашай мове, гісторыі, культуры? Праўдападобна, усе гэтыя словы: дах, ланцуг, ліхтар, кафля, і г.д., патрапілі ў нашую мову разам з перасяленцамі.
У рэшце рэшт, на тэрыторыі Беларусі ўзнікае магутная сярэднявечная дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. І, адкуль вытокі Літвы? Ды ўсё адтуль, па меркаванні некаторых навукоўцаў, дзе: Glambeke (цяпер Glambeck), Gamele (Gamehl), Pastowe (Pastow)...
Крыніца: паводле Здзіслаў Сіцька, “УТРОП ЛІТВЫ”, 2008 г.