У Лужках ушанавалі памяць знакамітага земляка Лазара Перэльмана, які вядомы ў свеце як Эліязэр Бен-Іегуда. З яго імем звязваюць адражэнне іўрыту, які зараз з’яўляецца дзяржаўнай мовай Ізраілю. Мерапрыемства адбылося 6 ліпеня.
Спачатку ўдзельнікі сабраліся ў Лужках, потым паехалі ў вёску Верацеі, дзе ў будынку былой школы адбыліся Бен-Іегудаўскія чытанні. На іх сабралася больш за пяцьдзесят чалавек. Гэта краязнаўцы з Германавічаў, Шаркоўшчыны, Лужкоў, Мёраў, Глыбокага, Браслава, прадстаўнікі габрэйскіх суполак Полацка і Віцебска. Імпрэзу наведалі прадстаўнікі Таварыства аховы помнікаў на чале з яго кіраўніком Антонам Астаповічам, гісторык з Гродна Іна Соркіна, а таксама прадстаўнікі раённай улады.
Мерапрыемства было арганізаванае культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча, якім кіруе Ада Райчонак, сумесна з Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, кіраўніком якога з’яўляецца Антон Астаповіч.
Пачынаць чытанні павінен быў наш зямляк з Глыбокага Генадзь Плавінскі з дакладам “Дарога жыцця Лазара з Лужкоў, глыбачаніна.” Але, на жаль, месяц таму ён зламаў нагу і не змог паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Яго даклад прадставілі гасцям Зміцер Лупач і Юрый Калбасіч. Акрамя даклада, Юрый Калбасіч распавёў удзельнікам, як колькі намаганняў прыклаў Генадзь Антонавіч для таго, каб у Глыбокім з’явіўся помнік Эліязэру Бен-Іегуду. Ён некалькі разоў збіраў подпісы пад зваротамі да глыбоцкіх уладаў, перапісваўся з прадстаўнікамі габрэйскіх арганізацый Беларусі і Ізраілю, звяртаўся нават да пасла гэтай краіны.
І вось у мінулым годзе старанні Генадзя Плавінскага завяршыліся поспехам – на прыкасцельнай плошчы ў Глыбокім быў усталяваны бюст адраджэнцу іўрыту. Канечне, я не хачу тут неяк зменшыць заслугі ў гэтым глыбоцкіх уладаў, у першую чаргу, гэта іх заслуга, але, на маю думку, каб не руплівасць Генадзя Антонавіча, на гэтым месцы мог стаяць бюст іншаму чалавеку.
Трэба адзначыць, што партрэт Эліязэра Бен-Іегуды спецыяльна для гэтага мерапрыемства напісаў мастак з Глыбокага Юры Калбасіч.
Пасля з дакладам выступіў вядомы пісьменнік і перакладчык літаратуры з іўрыту Павел Касцюкевіч. У сваім дакладзе ён паведаміў, што з іменем Бен-Іегуды звязана шмат міфаў, галоўны з іх, што ён адзін аднавіў іўрыт, мову, якая тады лічылася мёртвай. Спадар Касцюкевіч абгрунтавана даказаў прысутным, што гэта не зусім так. Габрэі разумелі іўрыт, бо на ім была напісаная Тора, на іўрыце яны маліліся, шмат слоў з гэтай мовы выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцці. Галоўнае, што дапамагло Эліязэру ў адраджэнні іўрыту, гэта тое, што былі вялікія воля і жаданне народа да таго, каб адрадзіць сваю мову. Заслуга нашага земляка менавіта ў тым, што калі да яго яўрэі разумелі іўрыт, але не гаварылі на ім, то пасля яго яны на ім загаварылі.
У гэтай сувязі спадар Касцюкевіч прыводзіў параўнанні са станам іўрыту ў часы Бен-Іегуды і сучасным станам беларускай мовы, што нам можа быць карыснага з ізраільскага вопыту, а што нам не падыходзіць. Ён падкрэсліў, што зараз у Беларусі ёсць цудоўная літаратура на беларускай мове, расце да яе інтарэс, але літаратурная і гутарковая мовы – гэта розныя рэчы. А сфера выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці, на жаль, зніжаецца. А для таго, каб яе павялічыць патрэбна імкненне народа і падтрымка дзяржавы. А вось гэтага зараз як раз у нас катастрафічна не хапае.
Іна Соркіна, кандыдат гістарычных навук з Гродна, прадставіла свой даклад “Гісторыя Лужэцкага кагала згодна кнігі Стомы-Сініцы “Маё мястэчка”. У гэтай кнізе аўтар цікава распавядае пра паўсядзённае жыццё даваенных Лужкоў, пра іх клопаты, звычкі, забабоны. Стома-Сініца распавёў не толькі пра жыццё габрэяў, але і беларусаў, палякаў, старавераў, іх дачыненні паміж сабой. Хутка гэта кніга павінна быць выдадзеная асобным выданнем.
У сваю чаргу краязнаўца з Глыбокага Ала Вярцінская распавяла прысутным пра жыццё глыбоцкага кагала. Глыбокае лічыць Эліязэра Бен-Іегуду таксама сваім земляком, бо ён тут амаль два гады вучыўся, яго абедзве жонкі – Дэбора і Хельда – былі глыбачанкамі. “Павел Касцюкевіч паведаміў нам, што з Бен-Іегудам звязана шмат міфаў. Так, магчыма, мы ў Глыбокім паставілі помнік міфу, але гэты міф нам зараз вельмі патрэбны, – адзначыла выступоўца, – гэта прыклад таго, як трэба любіць свой народ і яго мову.”
На імпрэзе былі прадстаўленыя і іншыя даклады, адбылася прэзентацыя фільма “Шэсць вякоў на беларускай зямлі”, у якім распавядаецца пра гісторыю беларускіх габрэяў, а таксама чорную старонку гэтай гісторыі – масавае знішчэнне габрэяў пад час Другой усясветнай вайны. Аўтар сцэнарыя гэтага фільма – Антон Астаповіч.
Спадар Антон паведаміў прысутным, што існуе праект аднаўлення сінагогі ў Лужках:
– Калі гаварыць пра аднаўленне будынка сінагогі, яно не толькі магчымае, яно неабходнае, гэтага вымагае з таго, што гэты будынак атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, і ў 2010 годзе пастановай Саўміна ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ён павінен быць ці то закансерваваны, і захоўвацца як руіна с сістэмай добраўпарадкавання, ці то павінна быць зроблена яго рэстаўрацыя і рэканструкцыя.
Па словах Антона Астаповіча, працы павінны пачацца ў наступным годзе. Сцены і падмурак у будынка трывалыя, патрэбна аднавіць толькі падлогу, столь і дах. Гэтыя працы будуць весціся гаспадарчым спосабам, таксама да працы будуць прыцягвацца валанцёры.
Ада Райчонак паведаміла, што ўжо даўно дамагаецца рэстаўрацыі гэтага будынка:
– Будынак ужо амаль разваліўся, мы меркавалі яго адрамантаваць, праўда, ўлады грошы не давалі, але і не давалі магчымасці і нам яе аднавіць. Дачка Бен-Іегуды, ёй было 96 год, давала грошы на аднаўленне гэтай сінагогі. Там ужо няма нават даху, а калі мы браліся яе рамантаваць і дах быў, і вокны былі. Вось з Ізраіля патэлефанавалі ў аддзел культуры: ці патрэбны вам такі музей, а там адказалі, што не патрэбны.
Згаданыя спадарыняй Адай падзеі адбываліся напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Зараз у Шаркаўшчынскім раёне змяніўся кіраўнік, і Ада Эльеўна спадзяецца, што справа зрушыцца з мёртвай кропкі.
На гэта дае надзею тое, што на мерапрыемстве прысутнічала кіраўнік аддзела ідэалогіі Шаркаўшчынсакага рпайвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома. Раённыя улады дапамаглі арганізатарам з арэндай памяшкання, харчаваннем, транспартам. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе і ў Лужках з’явіцца помнік свайму земляку, іменем якога названы цэнтральны праспект Тэль-Авіва, Эліязэру Бен-Іегудзе.
Прысутных парадавалі габрэйскімі пеянямі госці з Віцебска Яна Осіпава і Аляксандр Шурыц. Яны прадставілі прысутным песні на іўрыце, а таксама габрэйскія песні на рускай мове. Гледзячы па рэакцыі слухачоў, выступленне віцеблян ім вельмі спадабалася.
Пасля чытанняў ўдзельнікі мерапрыемства наведалі брацкую магілу ахвяраў гета ў Лужках, дзе адбыўся мітынг памяці па загінуўшых. У гэтай магіле пахавана 916 чалавек, жыхароў Лужкоў, сярод якіх былі старыя, жанчыны, маленькія дзеці. Выступоўцы прызвалі ўсіх шанаваць мір і сапраўдную дружбу паміж народамі, якая б не дапусціла ў наступным паўтарэння такой трагедыі.
Сярод удзельнікаў прысутнічалі двое людзей – ахвяр гета ў Лепелі і Віцебску, якім пашчасціла выжыць. Гэта палкоўнік Сямён Фігельман і Ада Райчонак. Яны падзяліліся з прысутнымі сваімі страшнымі ўспамінамі, заклікалі берагчы памяць пра загінуўшых, а напрыканцы сімвалічна абняліся. Над магілай была прачытаная габрэйская малітва за памёрлых на іўрыце, а потым у перакладзе на рускую мову. Па габрэйскай традыцыі да помніка былі пакладзеныя каменьчыкі, а пасля ўскладзены вянок. Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр генацыду.
Гэта імпрэза можа служыць добрым прыкладам супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый з уладамі, бо мы ўсе жыхары адной краіны, усе мы любім сваю Бацькаўшчыну. А для таго, каб дасягнуць поспеху ў будучыні, трэба ведаць сваю гісторыю, любіць сваю краіну, свой народ, яго мову. І добрым прыкладам таму можа служыць жыццёвы шлях Лазара Перэльмана – Эліязэра Бен-Іегуды.
"Вольнае Глыбокае"