Гэты дзень адзначаецца ў памяць таго, што 11 красавіка 1945 года адбылося паўстанне вязняў канцлагера Бухенвальд.
Напачатку былыя малалетнія вязні, прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскасці, настаўнікі і вучні СШ №2 сабраліся каля брацкай магілы ахвяраў шаркаўшчынскага гета, якія загінулі ў чэрвені 1942 года.
Юры Васілеўскі, намеснік кіраўніка Шаркаўшчынскага раёна
Прысутныя ўсклалі вянкі, кветкі да помніка і ўшанавалі памяць ахвяраў хвілінай маўчання.
Хвіліна маўчання
Затым мерапрыемства працягнулася ў сярэдняй школе №2, дзе дзеці пад кіраўніцтвам завуча Іны Забела падрыхтавалі тэматычную праграму. Тыя, каму пашчасціла выжыць у лагерах смерці, на прымусовых працах у Германіі, падзяліліся сваімі ўспамінамі.
Шаркаўшчынскае раённае аб’яднанне малалетніх вязняў узначальвае Ада Райчонак, якая патрапіла ў гета ў чатырохгадовым узросце. Якраз за дзень да сустрэчы, 10 красавіка, яна адзначыла свой Дзень нараджэння, ёй споўніўся 81 год. З гэтай нагоды яе павіншаваў намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юры Васілеўскі, які ў свой час быў яе вучням.
Ада Райчонак паведаміла, што зараз у арганізацыі налічваецца 23 чалавекі, але на імпрэзу змаглі прыбыць толькі пяць. Гэта сама Ада Эльеўна, а таксама Аляксандра Нікалаева, Вера Свілёнак, Ніна Каробачкіна і Юльян Бкаговіч. Астатнія не змаглі прысутнічаць па стану здароўя. На жаль, з кожным годам сведкаў тых падзей становіцца ўсё менш.
Потым прысутныя змаглі паглядзець другую частку дакументальнага фільма “Дзеці вайны”, якая называецца “Малалетнія вязні”.
Гэты фільм быў зняты ў 2015 годзе па ўспамінах людзей, якія патрапілі ў дзяцінстве ў гітлераўскую няволю. Успаміны іх нельга слухаць без слёз, тым больш, што некаторых герояў фільма ўжо няма ў жывых. Фільм зняты глыбоцкімі журналістамі Змітром Лупачам і Леанідам Юрыкам, тэкст да фільма прачытаў Зміцер Бартосік.
Напрыканцы праграмы прагучалі песні ў выкананні вучняў Шаркаўшчынскай школы.
Мерапрыемствы ў памяць Дня вызвалення вязняў прайшлі таксама ў Ёдах і Гарадцы.