14 лістапада глядзельная зала раённага Дома культуры напоўнілася дзіцячымі галасамі. Вучні малодшых класаў Шаркаўшчынскіх СШ № 1 і СШ № 2 супакоіліся толькі тады, калі на сцэну выйшаў дзіцячы пісьменнік Валерый Квілорыя, творы якога многія з прысутных паспелі прачытаць у раённай дзіцячай бібліятэцы. Таму ўважліва слухалі, калі мастак слова пераказваў знаёмыя многім дзецям казкі і апавяданні.
Валерый Тамазавіч Квілорыя - гэта дзіцячы пісьменнік-гумарыст, выдаўца сваіх кніг і твораў іншых аўтараў. Нарадзіўся ён ва ўкраінскім горадзе Херсоне. У трохгадовым узросце разам з бацькамі пераехаў у горад Заслаўль. Пісьменнік скончыў літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Расіі. Працаваў журналістам у многіх перыядычных выданнях, быў рэдактарам некалькіх газет, у тым ліку і дзіцячай газеты “Зорка”. Цяпер Валерый Тамазавіч жыве і працуе ў Мінску. Цалкам прысвяціў сябе любімай справе — творчасці. Ён піша казкі і расказы для дзяцей. У 2006 годзе пісьменнік стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай ваеннай і навукова-папулярнай літаратуры імя А. М. Талстога і лаўрэатам літаратурнага конкурсу “Руская прэмія” за зборнік расказаў “Тайные пісьмена”, а ў 2007 годзе — дыпламантам Другога Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай ваеннай і навукова- папулярнай літаратуры імя А. М. Талстога.
У кнігах Валерыя Квілорыя спалучаюцца выдумка, захапляючы сюжэт, казачныя цуды, добры гумар і нястрыманая фантазія.
Аб сваіх творах, творчых задумках і ідэях падрабязна і даступна расказаў аўтар у час сустрэчы. Акрамя таго, ён адказаў на шматлікія пытанні, якія задавалі дзеці з залы.
Як звычайна, у канцы размовы была магчымасць купіць кнігі з аўтографам аўтара. А прыехаў дзіцячы пісьменнік на сустрэчу са сваімі чытачамі па запрашэнні раённай дзіцячай бібліятэкі.