6 студзеня.Касцёл адзначае свята Аб’яўлення Госпада, ці, па-простаму, Трох Каралёў. Ісус нарадзіўся ў габрэйскім народзе і цягам зямнога жыцця належаў да габрэйскай культуры. Аднак Яго місія – збаўленне – ахапіла ўсё чалавецтва. І першым знакам гэтага было пакланенне трох мудрацоў з Усходу, якія ўгледзелі ў Нованароджаным Збаўцу ўсяго свету.
Пасля Імшы, хоць ідзе невялікі дождж, я выязджаю роварам на паўночную ўскраіну Сіцкага графства – у вёску Кіякова. У гэтай ціхай вёсцы жыве мой знаёмы Зміцер - малады мастак, які скончыў каледж імя Ахрэмчыка ды збіраецца працягнуць навучанне ў Мастацкай акадэміі.
Цяпер Зміцер дапамагае дзядулі з бабуляй глядзець гаспадарку. Расказвае, што навучыўся разбіраць кабана, можа прыгатаваць халадзец і каўбасы. У вольны ад гаспадаркі час піша пейзажы. На стале простай сялянскай хаты – ноутбук, з якога хлопец выходзіць у сеціва, а побач – некалькі нумароў “Arche” на паліцы.
Капліца Узвышэння Святога Крыжа на могілках у Кіякове. Фота Кастуся Шыталя.
З вуснаў сялянаў Зміцер штодня чуе жывую мову, якая захавала аўтэнтычныя назвы побытавых рэчаў (слоік, рандэлек, сподкі) ды страваў (квашаніна, паляндвіца). Многія словы, якія занатаваныя ў “Краёвым слоўніку Віцебшчыны” ды “Вушацкім словазборы”Рыгора Барадуліна, можна пачуць і ў Кіякове.
“Не сумуеш?” – пытаюся. – “Ёсць чым заняцца”.
Гэтак цяпер выглядаюць вёскі на Паазер'і. Лісавічы каля Сітцаў, Докшыцкі раён. Фота Кастуся Шыталя.
На развітанне Зміцер распавядае мне адно трагічнае паданне, якое захавала памяць мясцовых доўгажыхароў. Неяк перад вайной, увосень, абшарнік Кіякоўскі падабраў параненага бусла. Бусел да самай вясны жыў на кухні, яго кармілі п’яўкамі, па якіх дзеці парабкаў бегалі аж у Сітцы. Прыйшла вясна. Кухарка паглядзела ў вакно і кажа: “Вось, бацянок, твае браты прыляцелі…” І ў гэты момант бусел сарваўся з месца і скочыў у распаленую печ. Мо’ спадзяваўся гэткім чынам выбрацца на вуліцу? Жанчына кінулася да печы, выцягнула бусла, але той быў ужо мёртвы.
Калі выбіраюся ў Кіякова да Змітра, у Валодзькава да сям’і Букаў, у Германавічы да Ады Райчонак, заўсёды ўспамінаю Язэпа Драздовіча. У міжваенны час ён хадзіў дарогамі Дзісненшчыны, заходзячы да сваіх знаёмых і аднадумцаў, да Міхася Машары і Янкі Пачопкі, з якімі мог адвесці душу размовамі пра творчасць і родны край. І цяпер на карце Беларусі ёсць тысячы астраўкоў беларускай культуры – вясковых хат і гарадскіх кватэр, жыхары якіх гавораць па-беларуску пра Беларусь.
Яшчэ адна кропка беларушчыны - прыватная крамка ў Сітцах. “Дванаццаць тысяч дзвесце за абаранкі і за кулёк дзвесце!”, - адказвае бадзёрым голасам гаспадар, пачуўшы маю беларускую гаворку. “Увага! У нядзелю працуем да 13-00”, - паведамляе рукапісная абвестка на ўваходзе.
7 студзеня.Божае Нараджэнне ў праваслаўных. Пішу праз Інтэрнэт віншаванкі сябрам, якія святкуюць сёння Раство. Тэкст для кожнага асобны, але ўсім жадаю радасці. Усё ў жыцці можа быць добра, а як няма радасці, дык што гэта за жыццё? А анёлы ў Бэтлееме, кажучы пастухам пра Божае Нараджэнне, якраз і назвалі яго “вялікай радасцю”.
“Як справы, спадар песіміст?” – піша мне адзін знаёмы. “Спадара песіміста хутка не стане, бо ператвараюся ў аптыміста”, - адказваю. Спадзяюся, так яно і станецца.
Праваслаўныя вернікі правялі флэшмоб у адным з гандлёвых цэнтраў Мінска.
Праваслаўныя вернікі правялі флэшмоб у адным з гандлёвых цэнтраў Мінска.
Раніцу правёў у чытанні каталіцкіх блогаў. Viartanne.org– сайт святара-марыяніна Аляксандра Жарнасека, дзе ён публікуе свае разважанні пра веру ды тэксты казанняў і канферэнцый. Разважанні кранаюць сваёй глыбінёй. Адчуваецца, што чалавек піша не абы напісаць, а дзеліцца сваім досведам жыцця-з-Богам. Айцец Аляксандр праводзіць у Оршы сустрэчы для моладзі, называныя “Вінаграднік”. Наступная адбудзецца 1 лютага.
Xviktor.blogspot.com– блог, прысвечаны Харызматычнаму абнаўленню ў Каталіцкім Касцёле. Удзельнікі харызматычных рухаў, якіх шмат у Паўсюдным Касцёле, але пакуль нямнога ў Беларусі, моцна адчуваюць дзеянне Духа Святога. Ксёндз Віктар Сурбель, які служыць у мястэчку Трабы і вядзе гэты блог, піша пра свой досвед, распавядае пра цуды і аздараўленні.
Выбіраюся на дарогу і еду ў Докшыцы. Спын кепскі, за паўгадзіны не спыняецца ніводная машына. Магчыма, кіроўцы асцерагаюцца, што чалавек, які ў свята ідзе па дарозе, можа быць п’яны. Але гэта вельмі сімвалічна, у Бэтлееме дзве тысячы год таму было нешта падобнае. Праходзіць паўгадзіны, і мяне падбірае сяброўка.
Докшыцы мне здаюцца самым няўтульным горадам у нашай частцы Паазер’я. Хай даруюць мне докшыцкія ўлады і гараджане-патрыёты. Сёння на вуліцах пуста. Надзіманы снегавік, у якога садзьмута галава, а шыя перавязана шпагатам, стаіць на галоўнай плошчы і дадае да карціны некалькі змрочных штрыхоў.
Снегавік на галоўнай плошчы ў Докшыцах. Фота Кастуся Шыталя.
Сустракаюся ў кавярні з сябрам. Пасля іду на госці да бацькі – ён праваслаўны і сёння святкуе Раство.
Распавядаю, што святкаваў Раство з пратэстантамі. На гэта бацька павесяліў мяне адной гарадской байкай. У адной докшыцкай будаўнічай арганізацыі працуе хлопец-пратэстант. Вядома ж, гарэлкі ён не п’е. Неяк на дзень народзінаў калегі доўга ўгаворвалі яго “паставіць выпіць”. Гэта яму надакучыла і ён кажа “Зараз прынясу” – і ідзе ў краму. Калегі расклалі закуску, прадчуваючы дармавую гарэлку. Хлопец жа вярнуўся і паставіў перад работнікамі два літры соку.
Не жадаючы чакаць у змрочным горадзе гадзіну да аўтобуса, іду лавіць спадарожную машыну. Першы легкавік, што ідзе на Параф’янава, спыняецца. У вандроўцы аўтаспынам як на жыццёвай дарозе – усё непрадказальна.