Жадаем ёй моцнага здароўя, шчасця, творчых поспехаў і доўгіх гадоў жыцця!
Пра юбілярку піша Людміла Ардынская.
Сад жыцця Галіны Сікоры
19 студзеня 2018 года Галіна Іванаўна Сікора адзначыла 70-гадовы юбілей. У Шаркоўшчынскім краі яе ведаюць не толькі як былую настаўніцу Слабадской сярэдняй школы, але як удзельніцу народнага літаратурнага-музычнага аб’яднання ”Світанак” з самага пачатку існавання гэтага творчага калектыву.
Галіна Сікора нарадзілася, вырасла, скончыла школу, працавала і цяпер жыве ў вёсцы Малыя Алашкі, месцы, якое звязана з імем Івана Паўлавіча Сікоры, вядомага садавода-селекцыянера.
Галіна Іванаўна пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта вярнулася ў родныя мясціны, працавала настаўніцай і дырэктарам Слабадской школы. Вялікі ўклад зрабіла ў стварэнне музея Івана Паўлавіча Сікоры. Да мінулага года з’яўлялася штатным супрацоўнікам музея. У тым, што шматлікія госці, якія прыязджаюць у Алашкі на цяпер ужо абласное свята “Светлы Яблычны Спас – Сікораўскай душы часцінка”, бачаць на сядзібе музея прыгожыя кветкі, чысціню і парадак, сад з яблыкамі і гадавальнік саджанцаў, вялікая заслуга Галіны Іванаўны, як і ўсяго невялікага штата музея на чале з дырэктарам Наталляй Перхуровіч.
Галіна Сікора ад прыроды надзеленая паэтычным талентам і ў вольную ад працы часіну піша цудоўныя светлыя вершы. Іх тэматыка: прыгажосць роднай зямлі, любоў да роднага бацькоўскага кута, апяванне незвычайнай прыгажосці цудоўнага яблыневага сада ў розныя поры года, замілаванне прыродным багаццем зямлі і роля чалавека ў яго зберажэнні, жыццялюбства і аптымізм. Шмат вершаў прысвечана Івану Сікору, яны раскрываюць багацце душы гэтага чалавека, рознабаковасць яго інтарэсаў.
Галіна Сікора друкуецца на літаратурнай старонцы “Світанак” у газеце “Кліч Радзімы”, яе вершы ўключаныя ў калектыўны зборнік паэзіі “Шаркоўшчынскаму краю”, у кнігу “Яблыневы сад” Людмілы Ардынскай, калектыўны зборнік “Пяе душа паэта” (2017).
Няхай не толькі ў студзеньскія юбілейныя дні, але заўсёды сэрца Галіны Іванаўны сагравае павага і любоў родных і блізкіх людзей, сяброў.
Няхай яшчэ доўга-доўга на радзіме Івана Паўлавіча падчас святкавання Яблычнага Спаса сустракае нас каля сваёй хаты са шчырай усмешкай, прыветным поглядам і добрымі словамі.
Ад імя Світанкаўцаў Людміла Ардынская
Спадарыня Людміла прысвяціла Галіне Сікоры такі верш
Віншавальнае
Вам семдзесят… У Алашках лес шуміць,
Гамоніць з Вамі ўсе гады на ўзгорку.
Быстрыца штось ласкава нажурчыць,
Вясной цвіце на радасць сад Сікораў.
За шчасцем не пайшлі ў край чужы,
Ажыццяўлялі на радзіме мары
І прадаўжаеце ў родным краі жыць.
Тут вёрстамі мы мералі абшары.
З пяшчотай кут бацькоўскі Вас туліў,
Дзе працавалі на карысць народа.
Натхненне даў, душу ён надзяліў
Любоўю да зямлі, як да матулі роднай.
Няхай Ваш голас радасна гучыць,
І Вашы вершы землякі чытаюць,
У мясцінах, дзе Сікораў сад шуміць,
Нас Ваш пагляд прыветны сустракае.
Змяшчаем таксама і верш Галіны Сікоры, які прысвечаны роднаму краю.
Шуміць, гамоніць лес на ўзгорку,
Гуляе ветрык між вярбін.
Мой родны кут, мой кут бацькоўскі,
Навекі ў сэрцы ты адзін.
Памеру вёрстамі абшары,
Аб’еду свет ці абыду –
Кутка мілейшага на шары
Зямным нідзе я не знайду.
Зямлі бацькоўскай не пакіну,
Я родным краем даражу.
Сваю маленькую радзіму
Матуляй роднаю заву.