20 студзеня 2015 года перастала біцца сэрца вядомага беларускага вучонага, даследчыка даўніны Анатоля Пятровіча Грыцкевіча. Наш пастаянны чытач з аграгарадка Германавічы, гісторык і краязнаўца Кліменцій Кожан расказвае ў сваім лісце пра жыццёвы шлях і навуковую дзейнасць славутага вучонага:
— Нарадзіўся Анатоль Грыцкевіч 31 студзеня 1929 года ў сталіцы Беларускай ССР. У 1950 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, праз пяць год — Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. А ў 1958 годзе — гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У розны час Анатоль Грыцкевіч працаваў у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, у Мінскім інстытуце культуры (з 1993 года — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). У перыяд 2001-2005 гадоў старшынстваваў у міжнародным грамадскім аб’яднанні “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Анатоль Грыцкевіч у 1986 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі Беларусі, а яшчэ праз год атрымаў вучонае званне прафесара. У сваёй навуковай дзейнасці Анатоль Пятровіч даследваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму. Вывучаў таксама праблемы рэлігіі ў Вялікім Княстве Літоўскім, становішча праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў. Яго цікавіла гісторыя ваенных і дыпламатычных узаемаадносін паміж Літвой і Савецкай Расіяй.
Анатоль Грыцкевіч — аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты, гістарычных нарысаў пра Слуцк. Ён паглыблена даследваў Слуцкае паўстанне 1920 года. Анатоль Пятровіч быў выдатным краязнаўцам. Пра гэта сведчаць не толькі шматлікія публікацыі, але і яго актыўны ўдзел у навукова-краязнаўчых канферэнцыях. Ён не раз выступаў з цікавымі дакладамі і ў нашым рэгіёне.
Родны брат Анатоля Пятровіча Валянцін таксама быў урачом і гісторыкам, але жыў і працаваў у Ленінградзе. Паміж імі вялася пастаянная перапіска, у якой браты абмяркоўвалі шматлікія пытанні гісторыі і культуры Беларусі. Пры абмене думкамі нараджаліся новыя ідэі, новыя падыходы да розных з’яў і падзей у Беларусі і Расіі.
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў сказаў: “Вельмі цяжка ўсведамляць, што з намі больш няма Анатоля Пятровіча. Здаецца, што я ўсё сваё жыццё быў знаёмы з ім. І з тых часоў адчуваю сябе беларусам”. Анатоль Грыцкевіч вельмі годна папулярызаваў беларускую гістарычную навуку ў Еўропе і ва ўсім свеце.
Менавіта ён увёў у гістарыяграфію азначэнне Рэчы Паспалітай як федэрацыі дзвюх раўнапраўных дзяржаў — Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.
Апошняя кніга, над якой мы працавалі разам, мае назву “Сцягі Оршы” — гэта гістарычныя нарысы. Яна прысвечана 500-годдзю бітвы паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Гэта кніга адкрывае серыю “Славутыя бітвы”. Анатоль Пятровіч у Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага адшукаў цікавы гістрычны факт, што яго далёкі продак, баярын Юхно Грыцкевіч, удзельнічаў у той бітве і вярнуўся пераможцам.
Бясспрэчна, пры жыцці Анатоль Грыцкевіч быў годным нашчадкам таго рыцара, з’яўляўся шчырым і адданым патрыётам краіны, працаваў дзеля будучыні сваёй бацькаўшчыны.