Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвёў вынікі штогадовага абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу на лепшага грамадскага эколага. У ім прымалі ўдзел аматары прыроды з усіх гарадоў і раёнаў вобласці. Лепшым грамадскім эколагам Віцебшчыны ў гэтым годзе стала шаркаўчанка, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 нашага гарадскога пасёлка Аксана Паўлаўна Пачэпка — грамадскі эколаг Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яе матэрыялы накіраваны ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу.
У Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2 пад кіраўніцтвам Аксаны Паўлаўны дзеці знаёмяцца з прыродай роднага краю, вывучаюць яе таямніцы, пазнаюць асаблівасці, праводзяць свае школьныя даследванні, вывучаюць экалагічныя праблемы нашага рэгіёну і знаёмяць з імі мясцовых жыхароў. У школе працуюць два экалагічныя клубы: “Зялёны патруль” і “Крылаты дазор”.
Сваіх юных эколагаў Аксана Паўлаўна далучыла да ўдзелу ў праектах Еўрапейскага саюза Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” і “Малыя рэкі – вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна”. Названыя праекты зацікавілі шмат людзей, а паспяховае выкананне пастаўленых задач дазволіла школе № 2 атрымаць заветны статус “Зялёная школа” і дыплом другой ступені.
А яшчэ Аксана Паўлаўна — ў ліку ўдзельнікаў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Разам з іншымі прадстаўнікамі гэтай арганізацыі яна ўдзельнічае ў акцыях і кампаніях: праводзіць назіранні за птушкамі, вядзе ўлік шэрага жураўля, майструе і распаўсюджвае гняздоўі для птушак, далучае да гэтай работы дзяцей. З 2015 года настаўніца біялогіі яшчэ і захавальніца балота Ельня – тэрыторыі, свабоднай для птушак.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.